Біяграфія Максіма Танка

Максім Танк (сапраўднае імя Яўген Іванавіч Скурко) — Народны паэт Беларусі, пісьменьнік і перакладчык - нарадзіўся 17.09.1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Фармiраванне будучага выдатнага паэта праходзiла ва ўмовах бурных, складаных i супярэчлiвых падзей першай сусветнай вайны i бежанства ў Расii.

У 1914 годзе сям’я Яўгена была змушаная выехаць у эвакуацыю й пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі. А родная Пількаўшчына ў 1921 годзе апынулася за мяжой – паводле ўмоваў Рыскага замірэньня адышла да Польшчы.

Восень 1926 года прывяла будучага паэта Максіма Танка, а тады яшчэ маладога Яўгена Скурко ў Вілейку, куды ён паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі. Хаця таго магло і не атрымацца. Бо сям’я не мела дастаткова грошай на далейшае навучанне сына. У рукапіснай аўтабіяграфіі паэта зазначаецца: “Бацькі мае хацелі, каб я пайшоў вучыцца далей. Але непрыхільна на гэта глядзелі хатнія, баючыся лішніх расходаў у гаспадарцы. Маці плакала начамі, прасіла дзеда, каб пусціў мяне вучыцца ў Вілейку, дзе ў той час была сярэдняя школа. Стары згадзіўся. За лета, пасучы статак, я падрыхтаваўся да экзамена, які я здаў і быў прыняты…”. Хутчэй за ўсё гэта было першае яго знаёмства з горадам. Хаця звязаны лёс Яўгена Іванавіча з Вілейшчынай быў ужо ад пачатку жыццёвага шляху. У гімназіі паэт вучыўся даволі паспяхова. Менавіта там настаўніца рускай мовы і літаратуры Аглаіда Венядзіктаўна Мажухіна прывіла хлопчыку Яўгену любоў да літаратуры, заахвоціла да творчасці. Там жа ён і зрабіў сваю першую літаратурную спробу, пераказваючы ў вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера (у Шкленікова паэт хадзіў у польскую пачатковую школу). Але ўжо восенню 1928 года Яўгену Скурку прышлося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягваў спасцігаць вучнёўства з прычыны закрыцця Вілейская гімназія польскімі ўладамі.

Малады М.Танк працаваў iнструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусi, у легальных i падпольных вiленскiх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную i культурна-асветную дзейнасць, за што падвяргаўся праследаванню польскай дэфензiвы, арыштам i турэмнаму зняволенню на Лукiшках.

У БССР былі допыты ў засценках НКУС. Пасля непрацяглага зняволення паэта засылаюць назад на тэрыторыю “крэсаў усходніх”. З прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь (дзесьці пасля 4 снежня 1939 г. – са стварэння Вілейскай вобласці), Максім Танк зноў вярнуўся на Вілейшчыну, але ўжо легальна. Ён працуе у сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай асветы. Таксама працуе ў аддзеле культуры ў абласной газеце “Вілейская праўда” (выдавалася з лістапада 1939 па люты 1940). Дзесьці ў гэты час Максім Танк дапамог уладкавацца на працу ў газету паэтцы Наталлі Арсенневай. Па ўспамінах Танка, яна працавала стуль рэдактарам.

Пiсаць вершы ён пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназiстам, друкавацца - з 1932 года. Першы верш - "Заштрайкавалi гіганты-комiны" - пад псеўданiмам Максiм Танк быў апублiкаваны ў газеце-аднадзёнцы "Беларускае жыццё" (г. Львоў) 7 красавiка 1932 года.

У 1935 годзе Максім Танк у Вільні пачаў пісаць паэму “Нарач”. Паэма была навеяная Нарачанскай забастоўкай рыбакоў, якая рэхам прайшла па азёрах суседняй Вілейшчыне і даволі далёкім Палессі. З-за цэнзуры цалкам твор надрукаваць было не магчыма. Таму аўтару прыходзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў “Калосьсі”. І тым не менш некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, магчыма падчас працы ў Вілейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы.

Акурат у той жа час інспектарам Куранецкага райана працавала пачынаючая паэтка Ганна Новік. У Вілейцы яна пазнаёмілася з сваім калегам Максімам Танкам. І гэтае знаёмства значна паўплывала на далейшае літаратурнае жыццё паэткі. Як адзначыў даследчык творчасці Яўгена Іванавіча Мікола Мікуліч, тое, што Ганна Аляксееўна “пачала спрабаваць сябе ў жанрах паэмы, апавядання, аповесці, нарыса, – вялікая заслуга Максіма Танка”. Праўда тое не заўжды атрымлівалася.

У 1941 пачалася вайна. Ганна Аляксееўна партызаніла ў беларускіх лясах. Яўген Іванавіч спачатку быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць, а затым мабілізаваны ў шэрагі Чырвонай Арміі.

У 1938 годзе малодшая сястра Танка Вера выйшла замуж за Браніслава Лётку, які жыў на хутары каля вёскі Сэрвач (Вілейшчына). У час вайны яна загінула ад рук партызан. Магіла Веры знаходзіцца на Касцяневіцкіх могілках, дзе паэт бываў затым не аднойчы.

Пасля быў 1945, які прынёс доўгачаканую перамогу. Максім Танк быў першым з літаратараў, хто тады адгукнуўся на вестку былой заходнебеларускай паэткі, прапанаваў ёй сваю дапамогу.

У 1936 годзе выходзiць першы зборнiк вершаў М. Танка "На этапах" (канфiскаваны палiцыяй), у 1937 - другi зборнiк "Журавiнавы цвет" i асобным выданнем паэма "Нарач", у 1938 - трэцi зборнiк "Пад мачтай". Неяк спакваля i ў той жа час iмклiва, для многіх, вiдаць, шмат у чым неспадзявана паэт апынуўся ў цэнтры лiтаратурна-мастацкага жыцця ў 3аходняй Беларусi. Пра яго загаварылi ў друку (ды як загаварылi!), яго творы i кнiгi сталi прадметам шырокага i зацiкаўленага абмеркавання, лiтаратурна-творчых дыскусiй. "Максiм Танк гэта вельмi маладая, але сiльная творчасьцяю iндывiдуальнасьць, - пiсала газета "Наша воля", даючы iнфармацыю аб вечары беларускай паэзii i песнi, якi адбыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце 15 сакавiка 1936 года. - Ягоная творчасьць вырасла ў вастрогах i, вырваўшыся з турмы, залiла 3ах. Беларусь. Творы Танка - гэта лявiна, гэта бурная хваля, якая парывае ўсiх, трасе ўсiм i ламае ўсё. Танк можа стацца вялiкiм песьняром Беларусi, калi не забудзе аб найважнейшай умове - згушчаць чым найбольш думку на палатне вобразу". Дадзеная ўмова - "згушчаць чым найбольш думку на палатне вобразу" - станецца адным з вядучых мастацка-выяўленчых прынцыпаў, стылеўтваральных сродкаў паэта.

Некаторыя заходнебеларускiя крытыкi з М. Танкам i яго творчымi пошукамi звязвалi наступленне цэлай эпохi ў развiццi нацыянальнай лiтаратуры. Напрыклад, артыкул С. Калiны, змешчаны ў часопiсе "Калоссе", так i называўся - "На парозе новае эпохi ў беларускай лiтаратуры". "Ягоная творчасьць, што паўстала на працягу ўсяго трох апошнiх гадоў, - адзначаў аўтар, - улiла ў нашую лiтаратуру зусiм новыя плынi, выявiла аграмадныя мастацкiя дасягненьнi, напасьледак намецiла новы, адказуючы духу часу i варункам сучаснага жыцьця мастацкi i iдэёвы кiрунак. Беларуская лiтаратура дзякуючы Танку перажывае сёньня, пасьля "нашанiўскай" пары i ейнага прадаўжэньня, свой другi рэнэсанс, тым iншы за першы, што паколькi Купала i Колас, могучы мала карыстаць з лiтаратурнай спадчыны сваiх папярэднiкаў, мусiлi перадусiм тварыць i замацоўваць наш лiтаратурны быт, патолькi сёньня распачынае нашая лiтаратура эпоху поўнай дасканаласьцi, асягіваючы агульнаэўропэйскую ступень разьвiцьця". І далей: "Грамадзкiя матывы ў Танка выплываюць арганiчна iз абразоў i сітуацыяў, намаляваных у творы, рэалiзуюцца пры помачы канкрэтных i арыгiнальных сымболяў".

Творчасць М. Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара. Вялiкую папулярнасць у чытача набылi яго вершы "Спатканне", "Песня кулiкоў", "Чорныя скiбы", "Да дня", "Акт першы", "Тры песнi", "Паслухайце, вясна iдзе...", "Раманс", "На пероне" i iнш. Лiрычны герой паэта прываблiваў паўнакроўнасцю ўспрымання жыцця, натуральнасцю i нязмушанасцю сваiх паводзiн i ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасцi, жыццесцвярджальныя сiлы грамадства. Ён засяродзiўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету свайго сучаснiка. Фiласофская лiрыка суседнiчала ў паэта з сатырычнымi творамi, пейзажныя матывы i вобразы перапляталiся з выяўленнем асаблiвасцей iнтымнага свету героя, традыцыйныя, сiлаба-танiчныя вершы змянялiся дольнiкамi i верлiбрамi i iнш. І ўсе цi амаль усе яны хораша ўражвалi багаццем i разнастайнасцю моўна-выяўленчых, мастацка-стылiстычных сродкаў.

Выконваючы высокую мiсiю гераiчнага змагання за свабоду i незалежнасць роднай Бацькаўшчыны, М. Танк годна прайшоў дарогамi ахвярнага ваеннага лiхалецця, якое з'явiлася своеасаблiвым працягам заходнебеларускага перыяду жыцця i творчасцi паэта. У гады вайны ён працуе ў газеце "За Савецкую Беларусь", агiтплакаце "Раздавiм фашысцкую гадзiну", пiша i выдае паэму "Янук Сялiба" (1943), зборнiкi вершаў "Вастрыце зброю" i "Праз вогненны небасхiл" (1945).

Адзначаныя i многiя iншыя якасцi i асаблiвасцi творчай iндывiдуальнасцi М. Танка напоўнiцу раскрылiся ў пасляваенны перыяд духоўна-эстэтычных пошукаў i здабыткаў паэта.

Адным з лепшых у беларускай паэзii пасляваеннага дзесяцiгоддзя з'явiўся зборнiк М. Танка "Каб ведалi" (1948), справядлiва адзначаны Дзяржаўнай прэмiяй СССР. Сваiм зместам i пафасам ён цалкам звернуты ў нядаўняе мiнулае, лiрычны герой кнiгі засяродзiўся на асэнсаваннi драматычных i трагічных старонак другой сусветнай вайны. Шмат цiкавых i арыгiнальных твораў увайшло ў наступныя зборнiкi паэта - "На камнi, жалезе i золаце" (1951) i "У дарозе" (1954). Праўда, вершы гэтага перыяду яго творчасцi, канца 40 - першай паловы 50-х гадоў, як, зрэшты, i ўсё тагачаснае савецкае мастацтва, сур'ёзна закранула сумнавядомая "тэорыя бесканфлiктнасцi i iлюстрацыйнасцi". Але надзейнай парукай далейшага паступальнага руху наперад i набору вышынi была тая акалiчнасць, што М. Танк бачыў свае недахопы, падкрэслена крытычна ставiўся да зробленага ў гэты час. "Асабiста я не задаволен вынiкамi сваёй працы за апошнiя гады, - гаварыў ён на з'ездзе пiсьменнiкаў. - Я напiсаў два зборнiкi вершаў... Ёсць там вершы лепшыя, вершы, якiя дорагі мне, i такiя, якiя толькi гавораць аб пройдзенай дарозе. Але ўсе яны, сабраныя ў зборнiк, не даюць цэльнага вобраза, не даюць адказу на многiя пытаннi, якiя хвалююць мяне i маiх герояў..."

З 1948 па 1966 год М. Танк працуе галоўным рэдактарм часопiса "Полымя", з 1966 па 1990 год - першым сакратаром, старшынёй Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Абiраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1971) i СССР (1969-1989), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР VI - VII склiканняў (1963-1971), з'яўляецца членам шматлiкiх грамадскiх арганiзацый.

У 60-90-я гады выходзяць лепшыя кнiгi паэта, якiя атрымалi высокую ацэнку крытыкi i лiтаратуразнаўства, усёй грамадска-культурнай супольнасцi: "Мой хлеб надзённы" (1962), "Глыток вады" (1964), "Перапiска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсцi праз вернасць" (1979), "За маiм сталом" (1984) i iнш. Яго мастацкая iндывiдуальнасць дасягае сапраўднага росквiту. М. Танк "моцным творчым парываннем разрывае абалонку звыклай штодзённасцi, адкрывае глыбiнныя ўнутраныя сувязi", якiя iснуюць памiж асобнымi прадметамi i грамадскiмi працэсамi. "Факты i з'явы, уключаныя ў перажыванне, узбуйняюцца, - акцэнтаваў В. Бечык, - рэальныя абставiны пераасэнсоўваюцца, панарамная карцiна жыцця канцэнтруецца ў вобразнае адзiнства. Так раскрываецца сучасная насычанасць чалавечай свядомасцi разнастайным духоўным, палiтычным, побытавым матэрыялам жыцця..."

На Вілейшчыне Танк-палітык прымаў нават замежныя дэлегацыі. Так, 12 снежня 1979 года на паляванне, якое адбылося дзякуючы дырэктару Вілейскага лясгаса Мікалаю Васільевічу Шчаснаму, прыехалі генеральны консул ПНР у Беларусі – Юзэф Мруз, генеральны консул ГДР у Беларусі – Леапольд Волерт, генеральны сакратар пасольства ГДР у СССР – Курт Цімшэ і іншыя высокапастаўленыя асобы.

М. Танк факусуе сваю ўвагу, здаецца, на ўсiм багаццi i шматстайнасцi з'яў i працэсаў навакольнай рэчаiснасцi, жыцця на зямлi, яго спаконвечных i хуткабежных праблемах i супярэчнасцях. Касмiчнасць мыслення паэта, планетарны кантэкст бачання i асэнсавання той цi iншай праблемы дзiвосным чынам сумяшчаюцца ў яго творах з пластыкай прадметнага аналiзу, апеляцыяй да шматлiкiх i характарыстычных акалiчнасных дэталей. Падкрэсленая грамадзянска-патрыятычная заангажаванасць многiх вершаў, iх прамоўніцка-публіцыстычны пафас не толькi не адмаўляюць, а, наадварот, прадугледжваюць наяўнасць так званай прыватнай канкрэтыкi рэчаў, глыбокае выяўленне складанага i супярэчлiвага свету асобы чалавека, раскрыццё яе найтанчэйшых душэўных перажыванняў. Пры гэтым працэс засяроджанага роздуму М. Танка, спасцiжэння важных метадалагiчных iсцiн, фiласофска-аналiтычная развага арыгiнальна сiнтэзуюцца з традыцыйнай для яго канстатацыяй пералiчэння, сцвярджэннем даўно вывераных iдэй i прынцыпаў, унутрана адмабiлiзаванай фармулёўкай пэўных вывадаў. Сiлагічнае мысленне, аўталогiя ацэнак i заключэнняў паэта хораша дапаўняюцца i адцяняюцца яркiмi метафарычнымi карцiнамi i накiдамi, узорамi падкрэсленага ўмоўна-асацыятыўнага пiсьма. Унутрана сабраны, традыцыйны верш арганiчна ўзаемадзейнiчае ў яго з адкрыццямi мадэрнiсцкага характару як у змесце, так i ў форме, пошукамi цiкавых i арыгiнальных спосабаў i прыёмаў версiфiкацыi, смелым абнаўленнем паэтыкi. Індывiдуальны стыль М. Танка, - абгрунтавана падкрэслiвае У. Гнiламёдаў, - адзiн з самых магутных i яркiх у сучаснай паэзii. Яго рэалiзм адухоўлены ўзвышаным рамантызмам, фiласофская думка аплоднена выразнай пластыкай, верлiбр - насычаны сацыяльна i псiхалагічна. Пра яго кнiгi можна гаварыць, як пра значныя лiрычныя паэмы, у якiх вершы - своеасаблiвыя раздзелы - моцна звязаны памiж сабой адзiным светаадчуваннем, эмоцыяй, рытмам, стылем..."

Вялiкая i плённая грамадска-сацыяльная дзейнасць i багатая i шматстайная лiтаратурна-творчая праца М. Танка былi адзначаны прысваеннем яму высокiх званняў.

М. Танк - Герой Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыйнай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР. Ганаровы грамадзянін Мінска (1987). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі «Каб ведалі», Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік «След бліскавіцы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік «Мой хлеб надзённы», званнем народнага паэта Беларусі (1968), Ленінскай прэміі (1978) за зборнік «Нарачанскія сосны» (Масква, 1977), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980) за кнігу «Прайсці праз вернасць». Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі. Імем Максіма Танка названы Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт і вуліца ў Мінску.

Памёр М. Танк 7 жнiўня 1995 года.

Творчасць Максiма Танка - выдатная з'ява ў свеце сучаснай еўрапейскай лiтаратуры. Па меркаваннi У. Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусi - "на ўзроўнi сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэмii, калi не вышэй некаторых з iх". Напоўненыя глыбокiм фiласофска-аналiтычным асэнсаваннем жыцця i чалавека, высокiм гуманiстычным зместам i грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылi асаблiвасцi нацыянальнага характару, гістарычнага шляху i лёсу беларускага народа, выявiлi багацце i шматстайнасць яго гiсторыi i культуры, вялiкiя патэнцыяльныя магчымасцi мовы, пераканаўча абгрунтавалi паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасцi.