Ты яшчэ толькі намёк на чалавека...
Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;
Ты яшчэ – чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;
Ты толькі – паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, -
І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе.
Шчасце
Простае шчасце людское,
Так як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
3 хлеба, сабранага ў полі,
3 поту, дарожнага пылу,
3 роднага небасхілу,
3 дружбы, мацнейшай ад смерці,
3 песні... I так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем.
Мне пару крыл дало юнацтва...
Мне пару крыл дало юнацтва:
Адно — зары світальнай ззянне,
Парыў да сонца, да свабоды,
Другое — да цябе каханне.
Таму не знаў я зморы, стомы
У навальніцах, барацьбе,
А ты пытаешся, ці мог бы
Жыць без кахання, без цябе.
Спытайся птушкі, ці змагла б
Яна ўздымацца без крыла.
Закалыхваючы...
Закалыхваючы,
Пэўна, стомленая,
Памылілася маці:
Не на верацяно,
А на сэрца маё
Сваю песню
Навіла.
Я і сёння асцярожна,
З хваляваннем
Разматваю
Клубок песень,
Каб хаця не парваць
Яе нітку.
Кірункі свету
Меў я калісьці
Безліч кірункаў свету,
Як маюць іх
Вецер вясновы,
Аблокі і птушкі.
Потым сам я не знаю,
Калі іх і дзе разгубіў.
Засталіся чатыры:
Поўнач і поўдзень,
Захад і ўсход.
А сёння,
Калі цябе ўбачыў,
Не стала і іх.
Застаўся толькі
Кірунак адзін —
Да цябе.
Ты зноў прыйшоў?
— Ты зноў прыйшоў?
— Прыйшоў прасіць,
Бо затрымаць цябе не смею:
Ці не змагла б ты замяніць
Прысуд смяротны на надзею?
Усё мае працяг Жыцьця...
Усё мае працяг Жыцьця:
Нітка – ў туга навітым клубку,
Дарога – ў імкненьні за небасхіл,
Песьня – ў водгаласах рэха,
Зерне – у хлебе надзённым,
Любоў – у сонечнай усьмешцы дзіцяці.
Усё мае свой працяг жыцьця,
Апроч няпраўды.
Персцень
Ha раненай бярэсце
вясняны сок густы, —
жыццё і смерць, як персцень
алмазны, залаты.
Напоўнім кубкі сокам,
о, мілая мая,
і ў кубак твой глыбокі
свой персцень кіну я.
Яго іржою чорнай
не спляміць — залаты,
не так як той, што ўчора
ўзяла на палец ты.
...А ноч прыйшла...
...А ноч прыйшла
З-за калючых дратоў,
Лягла на саломе,
На нарах астрожных...
Доўга сусед сярод шэрых муроў
Гаварыў асьцярожна...
Кашляе хтось за сьцяной...
Ведаем – сёньня да ўсходу
Зазвоняць крокі мільёнаў у такт,
І сярод плошчаў і вуліц
Агнём рэвалюцыі
Мы распачнём другі акт...
Ня плач, наш дзень настане...
Ня плач, наш дзень настане,
Хоць адступілі ўчора.
Зацісьні моцна рану!
Хай не сьмяецца вораг!
Выходзьце на дарогу,
Ў паход шчыльней радамі!
Ты ведай, перамога
Ужо не за гарамі.
І вер, што блізка мэта,
Удары грому спынім.
Ня згінулі дагэтуль —
І ў бітве мы ня згінем!
Радзіма
Перад тым як вымавіць тваё імя, Радзіма,
Я, быццам джангарчы, калі збіраецца спяваць,
Свой рот крынічнаю вадою палашчу,
Як сейбіт, выйшаўшы з сяўнёю поўнай,
Я кланяюся полю, хмарам, сонцу,
Як воін перад невядомым лёсам,
Я апранаю чыстую кашулю.