Агульначалавечыя матывы ў творчасці Максіма Танка

Я толькі частку невялічкую
Змог праспяваць
Таго, што расказалі мне
Вятры, дарогі,
Валуны і рэкі,
Лясы і зоры...

М. Танк

Паэзія Максіма Танка, народнага паэта Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, сагрэта дабрынёй і даверам да чалавека. Яна выхоўвае ў чытачоў душэўную прыгажосць, высокую інтэлектуальнасць, заклікае да філасофскіх роздумаў аб жыцці, аб чалавецтве. На працягу ўсёй сваёй творчасці паэт імкнецца знайсці адказы на пытанні чалавечага быцця: што такое жыццё і смерць, любоў і нянавісць, ісціна, вера, сумленне, дабро, шчасце? У чым сэнс чалавечага жыцця? I, безумоўна, адказы на гэтыя пытанні самыя розныя.

Адказам на пытанне, што такое чалавечае шчасце, можа служыць верш-мініяцюра М. Танка "Шчасце":

Простае шчасце людское,
Так як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні... І так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем.

Голас паэта гучыць разважліва, прасветлена, суладна вечнасці і сусвету і ў вершы "Я спытаў чалавека...". Ён дае адказ на пытанне аб тым, што з'яўляецца на гэтым свеце самым цяжкім. У некалькіх радках скандэнсаваны вопыт і думкі цэлых пакаленняў:

Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
— Што самае цяжкае
На гэтым свеце?
І ён адказаў:
— Прайсці праз вернасць.

У цэнтры ўвагі М. Танка заўсёды знаходзіцца чалавек. Агульначалавечыя адносіны да маці, жанчыны выяўляюцца ў вершах "Рукі маці", "Мыццё бабкі Улляны", "Голас". Гімнам працавітым матчыным рукам, якія ніколі не ведалі адпачынку, можна назваць верш "Рукі маці":

Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
І каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.

Маці з'яўляецца для паэта ўвасабленнем чалавечай дабрыні, высакароднасці, сціпласці, увасабленнем вечнасці. Рукі маці — гэта і дакор, бо яны —сведкі нялёгкіх часоў, на іх — сляды, "што навекі пакінуў шлях наш суровы". Ад цяжкай, непасільнай працы на іх з'явіліся чорныя глыбокія шрамы і маршчыны. І яны, гэтыя святыя рукі, стваралі людскую радасць і шчасце, неслі людзям святло і цяпло:

Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.

Пасівераным, парэпаным рукам бабулі, маці прысвечаны шчымлівыя радкі верша "Мыццё бабкі Улляны". Памерла жанчына. Пёрад апошняю дарогай нябожчыцу пачалі абмываць і "ніяк яе адмыць рук не маглі ад скіб зямлі, ад каласоў і сонца, ад пялёнак і ануч, ад чорных і распаленых гаршкоў з бацвіннем, з бульбай..." Гледзячы на гэтыя рукі, усе загаласілі, "бо як рукамі гэткімі ды ў дзверы раю грукаць!".

Верш "Голас" прадаўжае тэму бязмежнай любові маці да дзяцей:

Голас незнаёмага можа здзівіць,
Голас друга — на хвіліну спыніць,
Голас любай — сагрэць сонцам лета,
Голас маці — вярнуць з таго свету.

Матчын голас, на думку паэта, можа нават вярнуць з таго свету. Вядома, гэта метафара. Але калі дзіця ў небяспецы, маці зробіць усё магчымае, каб яго выратаваць. Яе голас можа прымусіць жыць і змагацца, калі губляецца сэнс жыцця і душа пачынае стыць.

У творчасці М. Танка нямала цудоўных песень аб Бацькаўшчыне і гераічным беларускім народзе. Паэта хвалююць агульначалавечыя пытанні аб гістарычным мінулым і сённяшнім дні Беларусі, яе прыродзе, роднай мове, аб мастацтве, прызначэнні паэта і паэзіі. У вершах "Паэзія" і "Трактат аб паэзіі" аўтар лічыць, што паэзія можа вызваліць з "няволі і пекла", можа прабіць кветкай вясновай "камень магільны". Паэзія параўноўваецца з бліскавіцай, з вясновай кветкай, з сокам вінаграду. Для творчага ж чалавека паэзія — гэта "кроў, што пульсуе па жылах", "сонца, якое прасторы святлом азарыла, і без чаго, як без маці або без радзімы, ні нараджацца, ні жыць на зямлі немагчыма".

М. Танк, адчуваючы адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне, выступае супраць духоўнага мяшчанства, прыстасавальніцтва, кар'ерызму. Трывога за сённяшні дзень гучыць у паэтычнай малітве "З даўніх запаведзяў":

Ратуй, Божа, ад вар'яцтва,.
Нематы і засляплення,
Ад пярэваратняў, злыдняў,
Ханжаскіх богаслужэнняў,
Пошасці,
Вайны,
Бясхлеб'я,
Нашых дум апусташэння.

У творчасці М. Танка, такім чынам, няцяжка адшукаць адказы на ўсе пытанні чалавечага жыцця. Тое, што хвалявала людзей на працягу тысячагоддзяў, хвалюе паэта і сёння, у канцы XX стагоддзя. Творы яго, сагрэтыя вялікім чалавечым пачуццём, сцвярджаюць духоўныя каштоўнасці жыцця, дапамагаюць жыць у наш неспакойны і трывожны час.

Аўтар невядомы