Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. I ўсё ж галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, — Радзіма ў са-мых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.
У пасляваенны час тэмамі паэзіі Максіма Танка становяцца прырода, праца, унутраны свет чалавека, гісторыя і сучаснасць.
Да якіх бы тэм ні звяртаўся паэт: мір паміж народамі, Радзіма, мова, маці, экалогія, стваральная праца — усе яны прасякнуты любоўю да сваёй роднай Беларусі.
У вершы «Вяртанне» Максім Танк гаворыць аб тым, што Радзіма для яго – гэта самае дарагое, блізкае, роднае, святое, што толькі можа быць у жыцці чалавека. Аўтар сцвярджае, што “калі не чую яе пеўняў на зары, не адчуваю паху яе хлеба, не бачу прызыўных яе агнёў… як блудны сын, вяртаюся дамоў”. Безумоўна, падарожжы – гэта цікава і патрэбна, але без Радзімы, без любові да сваёй краіны чалавек у нейкіх адносінах непаўнацэнны. Максім Танк за сваё жыццё змяніў тры асноўныя месцы жыхарства, тры сталіцы – Мінск, Масква, Вільня. Але найбольшую колькасць гадоў – больш за паўстагоддзя – паэт пражыў у Мінску, таму можна з упэўненасцю сказаць, што ў нейкай ступені верш “Вяртанне” – аўтабіяграфічны. Танк заўсёды з вялікай радасцю вяртаўся на сваю сапраўдную Радзіму, на Беларусь, бо менавіта тут напісана большая частка вершаў, выдадзены зборнікі твораў паэта.
Вось і сягоння
Стаю ля бацькоўскага парога,
Чакаю: ці даруюць?
І ў той жа час
Аб новай мару Адысеі.
У гэтых радках Максім Танк гаворыць аб тым, што яго вельмі хвалюе, ці даруюць жа бацькі, што сын адлучаецца ад роднай хаты, ад роднай зямлі. Заглядаючы ў думкі аўтара, можна прадбачыць, што безумоўна даруюць, бо паэт не забываецца ніколі на родных і блізкіх, не забываецца на свае карэнні. А тое, што яго маняць падарожжы і вандроўкі, гэта добра жаданне. Чалавек, які імкнецца да новага, нязведанага, у падарожжах набіраецца новых уражанняў, новых ведаў, што безумоўна, вельмі добра.
Верш “Вяртанне” напісаны верлібрам, што характэрна для паэзіі Максіма Танка. Паэт цікавіўся ўсім новым, што адбываецца ў літаратуры, і не адмаўляў ні адзін з кірункаў. Паэт станоўча ацэньваў набыткі мадэрністаў, заўсёды стараўся авалодаць асацыятыўнай вобразнасцю, выяўляў сябе як эксперыментатар, шукальнік новай формы і новага зместу ў творчасці. І яму гэта ўдалося.
У вершы “Вяртанне” аўтар выкарыстоўвае цікавую метафару:
А ў мае песні пачынаюць залятаць
Чужыя птушкі, воблакі, вятры
і параўнанне:
Як блудны сын, вяртаюся дамоў.
Верш, напісаны верлібрам, сам па сабе прыцягвае сваёй мастацкай формай, таму не патрабуе ўжывання вялікай колькасці тропаў.
Верш “Перад вандроўкай” таксама прысвечаны тэме Радзімы, гэта – адна з асноўных тэм Максіма Танка. Тут аўтар падрабязна расказвае, як трэбы збірацца ў дарогу, у падарожжа па родным краі:
Кій дарожны выразаецца з дрэва…
А боты дарожныя шыюцца са скуры…
Аўтар папярэджвае, што справа гэта нялёгкая – вандраваць па Беларусі, бо прыйдзецца пераходзіць “і па восеньскім бездарожжы, і па схілах стромых”. Але калі хтосьці рашыцца на такое падарожжа, ніколі не пашкадуе аб гэтым, бо ўбачыць можна многае.
Верш “Перад вандроўкай” у нейкім сэнсе філасофскі, бо Максім Танк піша пра тое, што:
Каптан дарожны кроіцца з надзеі,
З кішэнямі, што дна не маюць,
У якія змясціў бы ўсе нядзелі,
Усе фэсты і хлеба акраец.
Гэтымі радкамі аўтар хацеў сказаць, што толькі сам чалавек можна прыкрыць сябе ад нягод і няшчасцяў, толькі ён сам можа паклапаціцца пра сябе, і не сагрэе, не дапаможа ніякі каптан. Надзея і вера – вось тыя асноўныя паняцці, на якія трэба спадзявацца чалавеку.
Што датычыць вобразных сродкаў, то ў вершы “Перад вандроўкай” ім вельмі шмат.
Максім Танк выкарыстоўвае шматлікія метафары: кій дарожны не захлынаецца ў завею, не хмялее ад траваў нецвярозых; эпітэты: дзвярэй маўклівых, траваў няцвярозых, па восеньскім бездарожжы, па схілах стромых.
Верш “Калі сцюжа ўмацоўвае поле…” філасофскі, бо аўтар гаворыць у ім пра думы і ўспаміны, якія нахлынулі як раз у той час, калі сцюжа ўмацоўвала поле. Лірычны герой верша задумваецца аб сялянскай працы, якая была зроблена ў цёплую пару года на палях. Ён упэўнены, што калі ўважліва прыслухацца, то:
…можна пачуць,
Колькі баразён за лета яны правялі,
Колькі перавярнулі камення і дзёрну,
Колькі старых дзірваноў і акопаў яны зааралі…
Лірычны герой задумваецца аб тым, што ўспаміны маглі стаць скупымі, працуючы разам з людзьмі, бо праца сялянская адна і тая ж з году ў год. Магчыма, людзі сталі больш скупымі на словы, бо цяжкая праца на зямлі займае амаль увесь час і сілы.
У вершы Максім Танк выкарыстоўвае эпітэты – ледзянымі падковамі, колкімі зорамі, людзьмі стрыманымі і маўклівымі, зямлі чэрствай, падзольнай.
Верш “Калі сцюжа ўмацоўвае поле…” таксама напісаны верлібрам.
Калі падагульняць аналіз гэтых трох вершаў Танка, то можна сказаць, што паэзія яго вызначалася чысцінёй і свежасцю, непасрэднасцю ўспрымання свету, гуманістычна чалавечай чуйнасцю, але ў той жа час і ўнутранай адмабілізаванасцю, грамадзянскай страснасцю, своеасаблівым драматычна-аптымістычным характарам мастацкага абагульнення. Гэта была паэзія чорных скіб, як падкрэсліваў М. Арочка, "шурпатых далоняў, незагойных ран, стогнаў у катоўнях", гневу і бунту, смелага выкліку, якая грунтавалася на тонкай назіральнасці і ўражлівасці, эмацыянальна-псіхалагічнай пранікнёнасці лірычнага героя, услаўленні высокіх праяў святла і красы ў прыродным свеце, грамадскім асяроддзі і душы чалавека.
Будучы надзвычай багатай на актыўна-творчыя пошукі і выніковыя знаходкі, паэзія Максіма Танка 60-90-х гадоў мінулага стагоддзя заключае ў сабе вялікія духоўна-эстэтычныя каштоўнасці. Кнігі паэта з цікавасцю чытаюцца не толькі на Беларусі, але і ў Расіі, на Украіне, у Полынчы, Балгарыі, іншых еўрапейскіх краінах. Уражваюць абсягі, багацце і шматграннасць яго мастацка-творчага свету, ступень заангажаванасці ў надзённа-вострыя, актуальна-набалелыя праблемы часу, супярэчнасці грамадска-сацыяльных працэсаў М. Танк імкнецца спасцігнуць няпросты сэнс дыялектыкі глыбінных гістарычных працэсаў, асэнсоўвае духоўна-маральныя каштоўнасці чалавечага жыцця на зямлі.
Характар яго лірычнага героя вызначаюць, з аднаго боку, абвостраная грамадзянска-патрыятычная ўстурбаванасць, адданасць асновам народнай самасвядомасці, а з другога - вышыня і размах рамантычных парыванняў, душэўна-псіхалагічная пранікнёнасць, гуманістычная чуйнасць. Прынцыпы аналітычна-даследчага асэнсавання працэсаў рэчаіснасці, лагізаванасць гістарычнага мыслення, зварот да драматычных і трагічных старонак нацыянальнага мінулага і сучаснасці дапаўняюцца ў вершах паэта абагульнена-сінтэзаваным успрыманнем з"яў і прадметаў, эмацыянальна-пачуццёвай непасрэднасцю. Лірычная споведзь суседнічае ў іх з прамоўніцкім пафасам і публіцыстычнасцю, народна-песенныя матывы пераплятаюцца з заглыбленай медытатыўнай роздумнасцю і крытычна-выкрывальнай іроніяй. I вельмі часта ўсё гэта пры характэрнай танкаўскай "расхрыстанасці" структурных элементаў твораў.
М. Танк заўсёды выпраменьваў дабратворную, пазітыўную энергетыку, быў настроены на кампраміс, згоду і ўзаемаразуменне. Яго асоба цэнтралізавала нацыянальны літаратурны працэс, дынамізавала мастацкія пошукі пісьменнікаў. Творчасць М. Танка шчыра і пранікнёна паэтызавала родную зямлю, Бацькаўшчыну-Беларусь, цяжкую, але пачэсную, жыццядайную прапу земляроба, аратага, сейбіта, раскрывала духоўны свет беларуса - чалавека лагоднага, памяркоўнага, добразычлівага, сцвярджала высокія сацыяльна-маральныя, грамадзянска-патрыятычныя прынцыпы і каштоўнасці жыцця.
Аўтар невядомы