Ў лесе

Сярэдняя: 3.8 (14 галасоў)

Звоняць тугія, сасновыя струны,
шышкамі рэха калышыцца звонка,
слухайце ж вы, маладыя сасонкі,
больш я не буду задуманым, сумным!

Час яшчэ твару майго не зразорыў,
грудзі не сціснуў гадоў шэрых камень;
кожнае дрэва абвіў-бы рукамі,
ночы і дні гаварыў-бы я з борам.

Сёння не ведаю, лес мой кудлаты,
хто тваё цяглае зрэжа бярвенне,
выпаліць сонца калі твае цені,
будзеш палацам ці згорбленай хатай...

Можа слупамі ты белымі станеш
бурнаю ноччу, дажджліваю, шэрай, —
дзікі каршун прыляціць па вячэру,
ў вочы мае незгасальныя гляне...

А пакуль вецер калыша бор шумны,
раніца поіць яго сырадоем, —
я запяю пра жыццё маладое,
больш я не буду задуманым, сумным!