Ад дажджоў сівы гасцінец...

Яшчэ не ацэнена

Ад дажджоў сівы гасцінец
і пясок набрак і спух,
толькі вецер ярка сініць
хмараў белых лётны пух.
Сонца хіліцца на небе,
ўжо дастанеш качаргой;
залатога бору грэбень
пахне свежаю смалой.
Ногі гразь сырую месяць.
Заяц спуджаны уцёк,
і савой падняўся месяц,
крыллі выцягнуўшы ў змрок.
Я запеў, а рэха бору
у мяне над галавой
разагнала мае зоры,
залаты звінячы рой.
Эх, навошта я вас спудзіў?
Ну, вярніцеся назад, -
весяліцца разам будзем,
я ваш блізкі, родны брат.
І па шышках, і па тропах
з камарыным звонам зор
месяц крыллямі залопаў,
ападаючы за бор.
Прыляцелі дзівы-птушкі
і з лагоў лясных звяры,
пад сасновыя частушкі
п’яны вецер завірыў…
З тых дзён, поўных чараў казкі,
пад напеў дарожных лоз,
стаў я песняром сялянскім
гэтых сцежак і бяроз.