Балада пра партызана Дубягу

Яшчэ не ацэнена

Прысніўся Дубягу ў абозе сон,
Што ў родную хату прыехаў ён.
Спыніў каля брамы каня-скакуна,
Аклікнуў — нікога, кругом цішыня.
Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў
I глянуў, і хаты сваёй не пазнаў:
Праклятыя немцы сядзяць за сталом,
Балююць, рагочуць, п'юць брагу з віном,
А пад абразамі чарцей чарада
На скрыпцы дубягавай грае чардаш,
I сына яго — аж жахнуўся глядзець –
Калыша не жонка,
не маці,
а смерць...

Прачнуўся Дубяга далёка да дня,
Хутчэй асядлаў баявога каня.
Сябрам-партызанам сказаў не чакаць
З глыбокай разведкі раней як дзён пяць.
Вось едзе ён полем,
дубровай глухой;
Вось бача — займаецца неба зарой.
Ды толькі не сцяміў Дубяга: чаму
З-пад поўначы сонца
ўзыходзе яму,
Чаму абняло яно полымем даль
I ў Нёмане стала чырвонай вада,
Пакуль не пабачыў з высокай гары,
Што дом яго свечкай хаўтурнай гарыць.

Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям'ю.
Кругом абышоў ён сялібу сваю.
Ніхто на азваўся.
Адно, ля прысад,
Убачыў прыбіты нямецкі загад,
У якім абяцаў генерал Рыхард Зальц
Іюдам сто тысяч райхсмарак даць,
Іюдам, якія-б Дубягу змаглі
Злавіць, ці на след партызанскі ўзвялі-б...
Сарваў гэту шмату Дубяга, скамкаў,
Ды кінуць не кінуў, а ў шапку паклаў
I, як ашалелы, каня ён свайго
За смерцю нямецкай пагнаў у здагон.

У крэпасці моцнай сядзіць Рыхард Зальц.
Hi куляй яго, ні штыком не дастаць.
Кругом гарнізона стаяць бункяры
I варта у іх ад зары да зары
Пільнуе падходаў, пільнуе шляхоў,
Каб хто з партызан не пралез, не прайшоў.
Сядзіць Рыхард Зальц.
Увайшоў вартавы:
— Да вас, генерал, перабежчык!
— Заві!..
I вось, пахіснуўшыся, быццам сляпы,
Дубяга парог хаты пераступіў.
Ад постаці дужай яго у пакой
Павеяла ветрам, сасной баравой.
— Што-ж хочаш сказаць мне? —
пытаецца Зальц.
— Прышоў абяцанае я атрымаць, —
Гаворыць Дубяга дастаўшы загад.
— Гут!
Слова свайго не бяру я назад.
Пакажаш стаянку Дубягі ў-бары,
Заробіш яшчэ ад мяне на барыш. —
Маўчыць партызан.
Ён загледзіўся ў кут,
Дзе скрыпку убачыў сваю на палку.
— Што-ж, згодзен?
— Мне платы не трэба, калі-б
Пайграць мне на гэтай на скрыпцы далі...
I вось у Дубягавых чорствых руках
Іграе прамень серабраны смыка:

Над Нёмнам вецер.
Між змрочных прысад
Шуміць дождж асенні, звініць лістапад...
На поўдзень у вырай лятуць жураўлі.
Даносіцца спеў калыханкі здалі.
Даносіцца знекуль сабакі выццё.
Трывожна шуміць над ракою трысцё.
Крадзецца у вёску нямецкі атрад
І залпы грымяць, і над стрэхамі хат,
Над крыкам смяротным,
што ўзняўся да хмар,
Чырнонай завеяй гуляе пажар...

Іграе Дубяга і ў Зальца пакой
Збіраюцца немцы ўсё большай гурбой
Абселі тапчаны, услоны, сталы,
Ігры надзвычайнай паслухаць прышлі.
Адзін Рыхард Зальц спахмурнеў, быццам ноч,
He зводзе з Дубягі празорлівых воч.
Ён чуе, пазнаў, што іграе скрыпач,
Пазнаў з-пад смыка чый зрываецца плач,
Пазнаў чый, над Нёмнам, ахоплен агнём,
Гарыць, нібы свечка хаўтурная, дом,
Чый дыхае ў струнах разбуджанм гнеў...
Пазнаў Рыхард Зальц і усё зразумеў:
— Ды гэта-ж — Дубяга!
Вяжыце яго! —
Рвануўся Зальц да аўтамата свайго.
Але партызан апярэдзіў раней,
Дзве кінуў гранаты ад грома мацней.
I ўзрыў, што смяротным агнём прагрымеў,
Дакончыў дубягавай скрыпкі напеў.