Быць чалавекам я рад

Яшчэ не ацэнена

Добра быць хваляй марской,
Ветрам, крыніцай, пясчынкай,
Ці неабсяжнай скалой,
Ці мімалётнай сьняжынкай;
Добра быць кветкай, травой,
Сонцам, вясёлкавай стужкай
Або ў глушы баравой
Спрытнай зьвярынай ці птушкай.

Толькі я, зьведаўшы ўсё:
Сьцюжу, няволю, астрогі,
Попел разбураных сёл
I франтавыя дарогі,
Скіб узараных цяпло,
Смак набрынялай чарэшні,
Дружбы, каханьня сьвятло,
Сілу магутную песьні, –
Быць чалавекам я рад.
Быць ім хацеў бы заўсёды,
А на ўсё іншае, брат,
Я не даю сваёй згоды.