Другу

Яшчэ не ацэнена

Агрубелі пальцы рук,
Працадзілася праз іх
Столькі сонца, зор, вятроў,
Хмар асенніх, веснавых,
Столькі крыўды, дружбы, ласк,
Смеху, слёзаў і дабра,
Рознай дробязі ў жыцці —
Медзякоў і серабра, —
Што сягоння ледзь пачуў
Я, прыпаўшы да зямлі,
Як абмытыя расой
Травы буйна прараслі;
Што сягоння ледзь пазнаў,
Ледзь адрозніў, між другіх,
Пры сустрэчы уначы
Прывітанне рук тваіх.