Ёсць варажбітныя травы...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ёсць варажбітныя травы
з папараццю кучаравай,
быццам яны ўсё ліхое
дзіўнымі чарамі гояць.
Уецца зялёная сцежка.
Нейчая ў песнях усмешка
бліснула ярка і сіне, —
нават не ведаю імя!

Лепей' каб звалася рутай,
шчасцем, палярнаю зоркай,
а не купальскай атрутай,
сном ці няволяю горкай.

Рутай украсіш, што хочаш,
шчасцем на'т песні напоіш:
зорка у цёмныя ночы
будзе гарэць над зямлёю.
Але з атрутай і снамі,
але у сэрцы з няволяй
пойдзеш якімі трапамі
у каласістае поле?..

Нешта над рэчкай варожаць
месяц, аер і бярозы,
і забабонныя травы
з папараццю кучаравай.