Гастэла

Яшчэ не ацэнена

Ты ляцеў над краінай бацькоў.
Пасівеўшыя замкаў вежы,
стрэхі хат, даль блакітных палёў
і, як жнеі, бярозы на межах...

Самалёт, быццам чайка зарой,
пранасіўся над хвалямі жыта,
будзіў нетры плужанскіх бароў,
легендарнае возера Світазь.

I нішто не казала аб тым, —
у той дзень і спакойны і ясны, —
што засцеліць зямлю гэту дым,
што ў крыві хутка сонца пагасне,

і што прыдзецца нам, капітан,
скрыжаваць з лютым ворагам зброю,
што краіна бацькоў можа стаць
хутка помнікам славы герою...

Гул мацнее, расце над зямлёй.
Дбайна сочым за кожным палётам.
Можа, над паласой франтавой,
крылле ўбачым твайго самалёта?

He відаць... Толькі яркім агнём
небасхіл азарыўся пагасшы.
I на захад звяно за звяном
пралятаюць знішчальнікі нашы.

Пралятаюць яны штурмаваць,
зніштажаць лютых ворагаў смела,
і ў агні, ў кожнай бітве шукаць
самалёт капітана Гастэла.