Гэта песня прайшла праз гады і муры...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Гэта песня прайшла праз гады і муры,
павуцінне парваўшы калючых дратоў.
Гэта песня гарэла ўначы і гарыць —
і таму на цымбалы кладу яе зноў.
Сёння пеніцца — бродзіць рабінавы хмель
у грудзях і у жылах мазолістых рук.
Толькі ўскішеш чупрыну — вішнёвая бель
ападае на звонкае полымя струн.

Засцілайце сталы, горы, нівы зарой!
Развявайце, вятры, туман ў полі сівы!
Мы за край, апаясаны Нёмнам-ракой,
за вясну, што на крыллях нясуць журавы,
і за моладасць даўніх баянаў-пяўцоў,
і за моладасць нашу, за сонца і шыр
небасхілу, за даль неапетых шляхоў, —
падымаем з гарачаю брагай каўшы.

Толькі ў гэткія дні трэба ў струнаў лады,
перастроіўшы, ўліць волі сталь, тонаў медзь, –
каб ад цвету вачэй і ад шчасця яны,
не рвучыся, маглі зіхацець і грымець.
Бо ўжо з нашых курганаў – з жыцця рубяжоў
сокал меж не пабача, гусляр і ратай,
толькі стэп на усхадзе ў агні каласоў,
а на захадзе мора – сінеючы край.