Ля помніка Якубу Коласу

Яшчэ не ацэнена

Ён з песняю непераможнай
Край абышоў і ўсіх сяброў.
Пасля няспынных падарожжаў
Вярнуўся, стомлены дамоў.

Прысеў на валуне гранёным,
Дзе на Маскву імкне шаша,
Паслухаць музыкі Сымона,
Гамонкі дзеда Талаша,

Падыхаць водарам азёраў,
Бароў, наднёманскіх раўнін,
Палюбавацца на свой горад,
Што ўзняўся феніксам з руін.

Спяшайцеся з паэтам стрэцца,
Яго паслухаць, покуль зноў
Ён падарожнічаць па свеце
З сваёю песняй не пайшоў.