Нада мною — неба, сонца...

Яшчэ не ацэнена

Нада мною — неба, сонца,
А перада мною — далеч.
Я іду за роднай песняй,
Як вандроўнік за кульбакай,
Як агонь — за сухавеем,
Як рака — за крыкам чаек,
Цень — за воблакам лятучым,
Рэха — за роскатам грому.

I няма ў вандроўцы гэтай
Ні прывалу, ні спачынку,
Покуль рэха не замоўкне,
Цень аблокаў не растае,
I рака не спыніць бегу,
I агонь не ператлее,
I не зморыцца кульбака.