Паэту

Яшчэ не ацэнена

Я не ведаю, брат мой, калі
Прыйдзеш ты і якая з камет
Кіне ўсёасвятляючы след
Над прасторамі нашай зямлі.

Толькі я ўжо чакаю шмат дзён
Весткі пра нараджэнне тваё,
Каб з валхвамі прынесці паклон
I злажыць прывітанне сваё.

Прыйдзеш ты у шчаслівыя дні
I мо толькі з легендаў, былін
Будзеш ведаць пра годы вайны,
Што ў палях палыном параслі.

Простым здасца табе наш напеў
I глухім нашых рыфмаў метал,
Што калісьці ў атаках грымеў,
У абвалах лавінаў і скал.

Не пратэзам — жывою рукой
Ты грань кожную выгладзіш лепш,
I заззяе адбітай зарой
Надзвычайнай люстранасці верш.

Злучыш спектары слоў і травы,
Злучыш рэчышчы зораў і рэк, —
Так, як фарбы агню і крыві
Мы злучылі ў суровы наш век.

I таму, калі ноч за акном
Кіне млечную сцежку ў туман,
Мне здаецца — пракоціцца гром,
Грукне ў шыбы і крыкне: — Устань!

Той, каго ты чакаеш, прыйшоў! —
I замруць усе шолахі дрэў,
I з шырокіх жытнёвых палёў
Прагучыць калыханкі напеў.