Памяці Івана Сікоры

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Вы яшчэ не прышчэплівалі свае яблыні?
Як шкада, што Сікора — стары садавод,
Аб якім у нас казкі, легенды складалі,
На змярканні аднойчы згубіў акуляры
I забрыў не дамоў, але ў рай
Або мо на другую планету,
I цяпер нельга з ім нам параіцца.

А ён, помню, хацеў падарыць чаранкі,
Прышчапіўшы якія, мы мелі б у садзе
яблыкі,
Налітыя песнямі, звонам пчаліным,
Чырванню ўсходаў і захадаў сонца,
Пахам неба, зямлі, успамінамі.

Можа, пры дапамозе касмічных ракет
Нам яшчэ з ім удасца звязацца.
Таму абы-якімі гатункамі чаранкоў
Вы не спяшайцеся
прышчэпліваць яблыні.