Руёй

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Дзе-ні-дзе вольха, асіна,
пень ці адонак стары...
Свежаю кроўю ваўчынай
след адзінокі гарыць.
Дрэмлюць знаёмыя плёсы,
снегам завеяны лог.
Воўк пад срабрыстыя лозы,
змораны, чутка прылёг.
Сны ахінулі жывыя:
бача рую, траснікі,
чуе на лапах, на шыі
шэрай ваўчыцы клыкі.
Будзіцца... Ноч... Адзінока
дрэмле стог цёмнасівы.
Дзікую песню далёка
зорам працяжна завыў, —
песню пра свежае мяса
ў цёмных гушчарах сляпых,
і пра агні на папасах,
і пра галоў чарапы...
Іскрыцца ў ворсе сцюдзёнай
месячнае серабро.
Шэранем стыне чырвоным,
з песні сплываючы, кроў.