Сільніцкі

Сярэдняя: 3.8 (4 галасоў)

Па тым як з атраду прыбег вартавы,
Як пераступіў ён у хату парог,
Як шапку-папаху сарваў з галавы
I першае слова прамовіць не мог, —
Бацькі зразумелі: ў лясах, за Дзвіной,
Дзе ноччу грымеў несціхаючы бой,
Ці куля нямецкая раніла сына,
Ці труп яго недзе пад сіверам стыне.

Панурая поўнач над полем глухім.
Плыве з папялішчаў удушлівы дым.
Шумяць абгарэлыя сосны бароў.
Бушуе ламаючы крыгі Дзвіна.
Галосіць пад вострым смыком палазоў
Тугой безнадзейнай сцяжыны струна.
Сільніцкі ў дарогу далёкую едзе, —
Выходзьце праводзіць, браты і суседзі!

Што-ж нізка спусцілі галовы, сябры?
Ён толькі на час свае вочы закрыў,
Ён толькі на час лёг спачыць у труне,
Ён хутка падымецца, пойдзе ізноў
Па горах, далінах, па нетрах бароў,
Па ўсёй партызанскай сваёй старане.

I мы недарма палажылі герою
У курган яго шапку, набоі і зброю;
I мы недарма над Дзвіной да зары
У поўнач глухую палілі кастры, —
Бо ён з перамогай да родных бацькоў,
Да верных сяброў сваіх песняй прышоў.