Сон над Нёмнам

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

1

Аднойчы Хрыстафор Калумб
Прышоў і кажа: — Браце,
Ты, бачу, плесняю аброс,
Заседзеўшыся ў хаце.

А я цябе тры дні шукаў
Па ўсіх дамах начлежных,
Па ўсіх піўных і караблях,
Па цэлым узбярэжжы.

Мне трэба падабраць людзей,
Якім на гэтым свеце
Усёроўна дзе грудзьмі глытаць
Марскі ахрыплы вецер,

Якім дакучылі сябры
I крэдыторы ўмесце,
I стражнікі, і песняры,
I Свет Стары нарэшце.

Хачу я новы шлях знайсці
У Індыю па шчасце.
І нат' падрыхтаваў ужо
Вандроўніцкія снасці.

I нат' у трум я закаціў
З поўсотні бочак рому,
Каб весялей было плысці
Па хвалях невядомых.

Дала мне каралева ліст,
Дала мне каравелы...
Яшчэ не верыў я, але
Быў подпіс Ізабелы.

Яшчэ не верыў я, але
Руку падаў на згоду
I кубак разам з ім падняў
За дзіўныя прыгоды.

2

Мы штормаў і дзён не лічылі.
Наўдзённае сонца агнём
Нас, як галаўню, апаліла
І высушыла нашы жылы,
Як рэі, з якімі пяём.

Пяём мы аб ветры крылатым,
Аб тым, што мінула даўно.
Аб тым, як плылі Арганаўты
Шукаць залатое руно.

Спеў слухаюць рыбы і мора,
Вандроўныя хмары ўдалі,
Зусім незнаёмыя зоры,
Зусім невядомыя горы
Нікім неадкрытай зямлі.

Калі-ж мы ступілі на бераг,
Вітаць нас, адзін за другім,
Сышліся і птушкі, і зверы,
I з цёмных пячораў багі.

Дзівіліся птушкі, што крылляў
У нас не было, як у іх;
А зверы, што мы гаварылі,
На мове якой гаманілі
Далёкія прашчуры іх.

Багі нас пыталі ў здзіўленні:
Хто будзем, адкуль мы прышлі
І дзе мы ад светастварэння
Да гэтага часу былі?

Усіх непакоіла, што нас
Прыгнала да іх берагоў:
Ці выпадку вецер шалёны,
Ці мара аб краі чароўным,
Ці хцівая прага купцоў?

Мы-ж цешыліся, як малыя,
Знайшоўшы прыстанішча зноў.
I ветразі «Санта Марыя»
Алелі ад нашых кастроў.

3

Мінулі месяцы, гады.
Шмат хто радзімы нівы
Забыў у клопатах жыцця,
У пагоні за нажывай.

Адны па пушчах і лясах
Звяроў лавілі, білі,
Жвір вымывалі залаты
З залатаносных жылаў,

Другія за шмаццё, за ром,
За шкло, люстэркі, фарбы
У тубыльцаў і у іх багоў
Выманівалі скарбы.

А я згубіў пакой і сон,
Калі прыбоем сінім
Прынесла з бацькаўшчыны мне
Сасновую галіну.

Я паказаў яе сябрам,
Прыплыўшую з-пад Нёмна.
Але ніводзін з маракоў
He мог сасны прыпомніць.

Я гаварыў, якой яна
Расце ў бары высокай, —
Але і Хрыстафор Калумб
Забыў пра край далёкі.

Тады я вырашыў адзін
Плысці да той хваіны,
Што працягнула да мяне
Праз акіян галіну,

Каб адшукаць яе ў бары,
Ці па высокай кручы,
Прыпасці сэрцам да яе,
Да зелені гаючай.

Няхай прышчэпе да ствала
Мяне з сваёй галінай,
Абмые ветрам і зарой
Наднёманскай краіны.

4

З чаўна, ў якім збіраўся плыць,
Каб плыць хутчэй, усё я
Багацце выкінуў за борт
У тонь, на дно марское.

Там зліткі золата былі
I перлы, і каралі —
Усё, што наскуплялі мы,
Што прагна назбіралі.

Адно да мачты прывязаў
Сасновую галіну,
Якая-б мне дапамагла,
Шлях значыла ў краіну.

Аж да крыві мне грудзі, твар
Шторм бічаваў балюча,
Пакуль мой не разбіўся сон
З чаўном на нейкай кручы,

На кручы, на якой шумеў
Бор векавы, сасновы,
На кручы, над якой сінеў
Мой поўдзень вераснёвы.