Таму часамі ціхі смутак...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Таму часамі ціхі смутак
падзе на вочы, як раса,
што маўчыцё вы... I чаму так
не хочаце вы напісаць?

Мо' ўжо апошняю адлігай
адтаяў папаратнік, мох,
шкляныя зазвінелі крыгі
з набракшым веццем шэрых вольх;

хмызняк маркотны атапіўшы,
журчыць за грэбляю рака,
мо' ўжо вячэрні вецер вішні
ў садах зарой апаласкаў...

На'т у мяне, калі пішу вам,
вясняны дзень снягі разліў,
і па рыштоках дзеці з шумам
свае пушчаюць караблі.