TERTIUM NON DATUR*

Яшчэ не ацэнена

Любы дружа, Альда Севярыні,
Колькі год прайшло ад нашай стрэчы,
Колькі зім Арно зрывала грэблі,
Колькі лет у Чазанаціку матросы
I гарыбальдзійцы-партызаны,
У старой сабраўшыся таверне,
Пелі «Чао» і «Бандэра роса»!
Трэба б зноў пабачыцца, прадоўжыць
Нашы незакончаныя спрэчкі
Пра Тальяці, Грамшы, Гарадзі;
Стрэцца на ўзбярэжжы нарачанскім,
Пры вячэрнім вогнішчы падумаць
Аб жыцці-быцці, штодзённых справах,
Новых бітвах, да якіх мы мусім,
Камуністы, быць штодзень гатовы.
Я цябе хацеў бы пазнаёміць
З землякамі, хмарамі, вятрамі,
З валунамі мядзельскімі, з хлебам
Пількаўскім, духмяным ад аеру,
З роднаю маёй зямлёй, якая
Была вечна матчынай калыскай
Для ўсіх нашых галасістых птушак,
Самых сумных і вясёлых песень,
Незлічоных прыказак і казак.

Потым трэба б нам было наведаць
Ля Глыбокага курган-магілу,
У якой, абняўшыся, спачылі
З партызанамі салдаты-берсальеры.
Там і сёння, да зямлі прыпаўшы,
Ты пачуеш:
«Я — Умберта, з Кіпра...
Я — Даната, з Чыта-Сан-Анджэла...
Я — Франчэска, з Порта-Рэканаці...
Я — Энрыка, з горада Мілана...
Я — Паола, з Умбрыі гарыстай...»
Хвалі жыта б'юцца ў стромы сосен,
Калі ціхне гул-прыбой шумлівы,
Ты пачуеш і расказ аб тым, як
За адмову ў партызан страляць
Іх скасілі кулямі фашысты.

«Дзве дарогі ў нас былі: адна з іх —
Да злачынства і да вечнай ганьбы,
А другая — праз парог смяротны —
Да братэрства з гэтаю зямлёю,
Непакорнай і з яе народам,
Мужным і бясстрашным, як свабода...
Вось на гэтай — на другой — дарозе
Нас шукайце, маткі, жонкі, дзеці
I сябры, — хто хоча з намі стрэцца.
На ваш кліч заўжды мы адзавёмся;
Я — Франчэска, з Сеста-Ф'ёрэнціны...
Джыявані — з горада Мілана...
Сальваторэ — з узбярэжжа Цібра...»

Ты іх чуеш, мой далёкі дружа,
I ці помніць іх твая радзіма?

* Тertium non datur – трэцяга не дадзена.