Заснулі стрэхі, купалы і ліпы...

Яшчэ не ацэнена

Заснулі стрэхі, купалы і ліпы.
Злізала ноч неонаў сініх кроў.
I брук апошні ціхі шопат выпіў
фіятаў, фордаў і віно гудкоў.

Асірацелі і муры бажніцаў:
з іх вышаў Буда, Магамет, Хрыстос
туды, дзе стрэх салома залаціцца,
дзе месяц жне, спазніўшыся, авёс.

I іх дарма вярнуцца стораж клікаў,
скарбонкай гулка звонячы пустой...
Тады ў палёх перацвітала віка,
тады трубілі гусі за ракой.